БАРЫ́С ГАДУНО́Ў

(каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),

расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл. Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у тым ліку палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл. Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем І. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.С.Пушкін (трагедыя) і М.П.Мусаргскі (опера).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)